Вы попали на архивную версию сайта ZНЯТА.
С августа 2019 года проект ZНЯТА запущен в новом формате.
Обновленный проект znyata доступен по адресу znyata.com


Баннер

главная о фото фотопроекты Ян Булгак «Замак у Міры»

Ян Булгак «Замак у Міры»


Як вядома, Ян Булгак быў не толькі фатографам, але і валодаў выдатным літаратурным талентам. Тэкст пра замак Радзівілаў у Міры - таму пацвярджэнне. Пераклад з польскай мовы быў зроблены Валерыем Вядренка з максімальным захаваннем аўтарскай стылістыкі. Друкуецца ў першыню!

Калі хто завітае у Навагрудскі край з усходу,  ад пяшчаных панёманскіх  склонаў у аколіцах  Стоўбцаў, Свержаня і Жукава Бору, той, згодна  з словамі паэта,сам спыніць каня, які ледзь дастае свае ногі ды колы брычкі з сыпучага, шэра-жоўтага пяску, што гаспадарыць наўкол разам з рэдкімі соснамі, ядлоўцам, папараццю і сухацветам. Гэта тыповае мясцовае зямлеўладкаванне, якое, на самай справе, не дае ураджаю, але дае магчымасць прыпомніць агульныя веды з батанікі і дазваляе прызвычаіцца жыць «чым Бог паслаў». Пасля спаборніцтва з «прывабнасцямі» падарожжа набліжаемся да яго мэты.
І вось перад намі мястэчка Мір. Гэта азначае - маса бярвення, цэглы, дахаў, жыдоў і балота. І над гэтым сметнікам гніючага дрэва  ўзвышаецца замак, разважна падпіраючы неба пяццю зграбнымі вежамі. Відовішча дзіўнае для навакольнага краявіду, шэрага ды пустога. Нібыта сярэднявечны дух, зачараваны у камень, ён раптам з’явіўся пасярод калавароту сучаснага свету цудоўным відовішчам. Нібы рыцар у стальных латах апынуўся ў сярэдзіне бескаляровага і лямантуючага кірмашовага балагану і - застыў у задуменні, ствараючы кантраст сваёй моцы з навакольнай недарэчлівай мітуснёй.

Ян Булгак «Замак у Міры»

Спынімся ў «першаразраднай» гасцініцы (гатэлі), дзе за 50 капеек у дзень атрымаем пакой, не столькі прасторны, колькі пусты. Тут нас сустрэне няўдалая імітацыя неабходнай мэблі і ad libitum - насякомыя і ўсюдыісны пах цыбулі. Выходзім ў мястэчка». Як раз гандлёвы дзень, і рынак раве, поўніцца какафоніяй гукаў і пахаў, якія не маюць нічога агульнага з арфай Эола і фіялкамі. Гукі стварае камбінаваны квартэт мясцовага «быдла», які складаецца з габрэяў , халопаў, коней і хракаў. І ўсё гэта ў не менш скоцкім балоце па шчыкалатку.

Нарэшце выходзім на бакавую вуліцу, якая вядзе да замку, дзе адразу становіцца прасторней і цішэй, набліжаемся да замкавага пагорка, размешчанага непадалёк ад крутога гасьцінца са старымі бярозамі. Рамантычныя руіны растуць на вачах. Але іх пільнуе высокі паркан без брамы. Замак не прызначаны для публічнага наведвання. Ён ужо шмат гадоў з'яўляецца часткай Замірскага парку, на краі якога мы і знаходзімся. Аднак варта наблізіцца да паркану, каб знайсці адпаліраваны ад штодзённага выкарыстання пералаз, які створаны больш арганізаванымі турыстамі, якія ўяўляюць сабой маладое пакаленне юдэйскага веравызнання. Крок уверх, крок ўніз і мы ўжо за рысай горада, у алеі маладых клёнаў і таполяў ля падножжа замка.

Вялізны, моцна складзены з валуноў ў адвечных сценах, увянчаных вежамі, замак прыцягвае погляд наведвальніка, прыкоўвае сваёй магутнасцю, уражвае, вітае і міжволі пагражае. Вакол нейкая ўрачыстая цішыня - шум горада застаўся дзесьці там, а тут усё прасякнута магутнасцю смерці і сусветным смуткам па вялікіх, але даўно мінулых справах.

Праз вялікую браму сярэдняй вежы з высокім арачным праходам трапляем на квадратны падворак - шырокі, зарослы высокай травой і вялізнымі лапухамі. Там, у векавым забыцці стаяць іржавыя муры з радамі пустых вокнаў і налітымі крывёй вачыма жмурацца байніцы. Цямнеюць панурым мрокам скляпенні ў вежах. Вінтавыя лесвіцы, спускі, пераходы з таямніча закручанага лабірынта вырываюцца з-пад зямлі чорнымі сківіцамі глыбокіх арачныя праёмаў. Шуміць вецер у тонкіх дрэўцах, што параслі паміж маналітных валуноў, хапаючыся за жыццё зблытанымі каранямі, рэхам адказваючы грамадам птушыных чарод, якімі населены непрыступныя байніцы. І на скатах вежаў, як на варце, важныя буслы нясуць дазор. Ціха, сумна, як у кожнай грабніцы. Але, калі на рэштках замкавага бруку звонка загучаць крокі вандроўніка, калі вячэрнія прыцемкі сыйдуць на падворак і мяккі шэры туман пакрые магутныя муры, - мроіцца, што вакол, у гэтай вялізарнай і ціхай труне абуджаецца памерлае рэха мінулага.

А ў залах і пакоях, разбураных нягодамі часу, з гулам змешаных галасоў, стальных латаў і адзенняў, са ззяннем залачоных сякер - узнікаюць прывіды карагода падзей старажытнай шляхецкай Польшчы. Адважнай і падцягнутай, магутнай і ўпэўненай, рыцарскай і высакароднай. І такія жывапісныя, такія прыгожыя гэтыя мроі! І, на жаль, такія далёкія ад нас.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
Апусціўся вечар, пакрыўшы неба плямамі хмар, а з ім наляцеў вецер і працяжна воем завыў паміж вежамі. Па развалінах лесвіц, цёмных і слізкіх, пад гук абсыпаючыхся камянёў і шэлест спалоханых кажаноў, падымаемся вышэй, чапляючыся навобмацак за цагляныя выступы, на абаронную сцяну, адкуль адкрываецца шырокі прастор акутанай імглою ваколіцы.

Не без намаганняў паднімаемся на вышыню 6-7 паверхаў - на дах вежы. Вецер сціхае, хмары рассейваюцца і поўня выглядае з-за выразнага сілуэта даху. У касых промнях святла срэбрыцца падворак замка, апраўлены цёмнымі сценамі, поўнымі змрочных ценяў. І замак, нібы вялізная чорная труна, адкрывае небу пустэчу сваёй раскрытай бездані.

Вецер сціх канчаткова і толькі гукі соў і пугачоў глухім рэхам зрэдку парушаюць маўклівае прышэсце ночы. Без гуку і руху, ахоплены жахам і тугой змрочнага сведкі памерлага замка, гляджу на яго, а ў думках настойліва гучаць пастаянным рэфрэнам словы паэта:

«О, я маўчу як і вы, о Атрыды
Попел якіх цвыркуны сцерагуць
І нікчэмнасць мая не бянтэжыць мяне,
не хвалююць і крылы арлоў у нябёсах
Я пакорна маўчу ў гэтай змрочнай грабніцы
Славы, здрады і праху ... ».
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
І тут, пахаваны, спіць попел славы і здрады, любові і зайздрасці, прысвячэнняў і страху. Колькі пачуццяў, светлых і глыбокіх, колькі дзікіх парываў і крывавых гісторый зніклага мінулага маглі б расказаць гэтыя сцены, калі б у іх нейкім чароўным чынам можна было здабыць сведчанні падзеяў, якія яны бачылі на працягу чатырох стагоддзяў.

Тут магутны род Іллінічаў заснаваў рыцарскае гняздо (1500г.) і абараняў акруговы люд, які дрыжэў перад крывавымі татарскімі набегамі. Абараняў магутнымі плячыма і вартавымі сценамі. Плылі, як чорнае мора, полчышчы паганцаў, у бліскучых зубах сціскаючы крывыя ятаганы, драпежным позіркам шукаючы лёгкую здабычу, гуляючы шырокімі наздрамі, ласуючыся крывёю ягнят і з асалодай удыхаючы дым пажараў. І як мора ў час прыліву рассыпаецца на мноства дробных хваляў, сутыкнуўшыся з каменнымі мурамі  замка, так град ядраў, дождж агню і металу, шквал рыцарскіх стрэл вяртаў хвалю набегу назад.

Тут на працягу трох стагоддзяў стваралася гісторыя і веліч роду Радзівілаў, якія валодалі замкам ўвесь апошні час. Яго асаджалі і ў часы Рэчы Паспалітай шведскія войскі (1655 г.). Вось над вежамі стаяць хмары пажару, вось сцены ліжуць языкі полымя, вось стогны параненых змешваюцца з трыумфальным шэсцем пераможцаў, вось сцякае з каменных сцен кроў герояў, абаронцаў айчыны.

І зноў праца для новых пакаленняў - аднаўляць тое, што разбурыла злосць і нянавісць,
каб зноў праз паўстагоддзя (пры КарлеXII), зноў з каменняў і попелу, пасля чарговага нашэсця, у трэці раз замак ўзнёс ў неба свае байніцы.

Тут, у адноўленым з яшчэ больш вялікім майстэрствам замку гучалі віваты князя Пане Каханку, у гэтых чорных лабірынтах гучала і цякла шумная хваля магнацкага дастатку, раскошы і задавальненняў. Тут браты - шляхта абточвалі каштоўныя дыяменты магната, раскідаўшы свае залататканыя паясы, напаўняючы застолле грубаватым гумарам, жартаўліва гуляючы шаблямі, поўныя фантазіі і бадзёрага духу. І ліха, разам з вінным духам уздымаліся ў паветра іх славутыя чубы.

Тут гасцяваў апошні польскі кароль, кароль і паэт, мудры кіраўнік і знакаміты палюбоўнік, сонца вялікай магутнасці і бязвольны парус сярод віхуры падзей, бацька народаў і закладнік сваёй айчыны. Яго ўрачыста прымалі Радзівілы, у перадсмяротныя гады існавання і замка і радзімы. На рубяжы стагоддзяў і на рубяжы лёсу ў крывавым вогнішчы заходу гісторыі, ён сутыкаўся са знакамі і стыгматамі смерці, але, верны абавязку, ён бліскаў свецкім глянцам і багаццем, як госць у Асірыйскім палацы на пірах Бальтазара, не ведаючы, што перст указуючы ўжо піша на сцяне вогненнымі промнямі вечнае Маne - Tekel - Phares, і ўжо падлічаны дні за ўсё навокал. І замка, і караля, і айчыны.

А навальнічная хмара ўжо на падыходзе, ужо вісіць над імі, ужо даносіцца яе злосны гул, ужо поўніцца зямля голасам далёкага грому, урываецца вецер, бліскаюць маланкі. І Нямезіс прад'явіць свой няўмольна вердыкт - а яны прачытаюць яго...

І вось захопліваюць замак расейскія войскі (1794 г.), і выбухаюць парахавыя склады (1812 г.), і руйнуецца замак канчаткова і беспаваротна. А са згаслай зоркай Напалеона і разам з арламі легіёнаў жыццё замка скончылася назаўсёды. І з тых часоў плачуць крывавымі слязьмі сляпыя вочы яго вокнаў, енчаць залы рэхам забытай славы, а апусцелыя вежы ў нямым пратэсце цягнуць да неба скатаваныя адчаем і смуткам далоні.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
«Хай дзівосна настроеная ліра
Думцы пасуе, панурай і цёмнай,
Бо бачыш ты труну Агамемнона
І седзячы ціха ў склепе падземным
Што кроўю Атрыдаў акроплены ўсюды
сэрца заснула  і сніцца яму ...
Як мне сумна ... »

Іншых слоў не знайсці, успамінаючы тыя даўнія, але такія жывыя, яшчэ краваточныя, хвалюючыя сэрца падзеі. Месяц схаваўся за хмары. Цемра ахапіла ўсе вакол і цяжкай плітой закрыла чорную магільню замка. Ноч забрала яго ў свае ўладанні…
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
Назаўтра, калі раніцай я вярнуўся ў замак, узыходзячае сонца ўжо расфарбавала яго вежы ружовымі промнямі, а блакітны фон неба надаў ім светлы, радасны і ветлівы настрой. Над усёй акругай ззяла цудоўная архітэктура гэтых васьмігранных калосаў з чырвонай цэглы, багата упрыгожаных вытанчанымі лініямі узорчатых фрызаў і абрамленняў, атынкованых белых праёмаў, тарцоў і арнаментаў. Выразная фактура валуноў захавалася і  па сённяшні дзень, як і дэкор з чосанага камення з мноствам глыбокіх абаронных байніц. Віднеліся вялізныя скляпенні памяшканняў, ужо засыпаныя смеццем і зарослыя травой. Віднеліся, дарэчы, і драўляныя насілкі ў гэтым каралеўстве кажаноў. Іх пакінулі прадпрымальныя ізраэліты, якія ў вольны ад гандлёвых клопатаў час, гарамі выносяць цэглу для будаўніцтва. А ў сілу сваёй надзвычайнай трываласці гэта замкавая цэгла вельмі шануецца. І колькі гэтай цэглы перавандравала ў мястэчка, вядома толькі габрэйскім каменным дамам і іх гаспадарам. Кажуць, быў пакупнік на ўсю цэглу замка. Але сума ў 1000 рублёў падалася малой, і габрэйская абшчына вырашыла весці гандаль больш рупліва - паштучна. У свой час вежы былі пакрытыя гонтай, якая ўжо згніла ці ледзь трымаецца. А на адной з вежаў пакрыццё і зусім адсутнічае, набліжаючы разбурэнне гэтых цудоўных сцен. Аб новым даху думаць няма каму, калі совы і вароны сумесна з габрэямі гаспадарыць тут паўсюдна і непадзельна.  Няма нават старога вартаўніка, які яшчэ некалькі гадоў таму жыў у каморцы фасаднай вежы. І такі выдатны будынак нашага старажытнага дойлідства знікае на вачах, і год ад года становішча замка ўсе безнадзейней.

Захацелася на развітанне паглядзець на замак здалёк, абышоўшы шырокае возера ў яго падножжа. Возера ўпрыгожваюць хваёвыя пасадкі і на іх зялёна - блакітных іголках яшчэ дрыжэлі асветленыя кроплі расы, пакуль не выпітай спякотным сонцам. Зараснікі чароту і явару хваляваліся пад лёгкім подыхам ветрыку, які моршчыў ваду і ламаў адлюстраванне на тысячы фантастычных ліній і плям. А калі на хвіліну вецер сціх, і  вада супакоілася,  у яе люстэрку зьявіўся, як жывы, другі замак, такі ж магутны і велічны, такі ж невыказна выдатны, палаючы пурпурнымі  водбліскамі прамяністага сонца, узнёсшы  верхавіны сваіж вежаў у блакітную бездань.

І ўспыхнула ружовая пяцісвечная паходня ў празрыстай чысціні раніцы, адкрыўшы гэта цудоўнае ўваскрашэнне сярэднявечных падзеяў, ускалыхнуўшы памяць аб былой каралеўскай велічы і моцы, раскошы і высакароднасці. Нібы сам бязлітасны час стаў перад памяццю бяссільны. І, уражаны да глыбіні душы, як зачараваны, я глядзеў на гэты замак у нямым захапленні.

Пераклад з польскай мовы В.В. Вядрэнка

Пераклад на рускую мову >>>

абмеркаваць на форуме zнята

Крынiца: znyata.com


Ян Булгак «Замак у Міры»
 


главная о фото фотопроекты Ян Булгак «Замак у Міры»